
Гісторыя сьпеву павязана з Ірляндыяй 6-8 стагоддзяў. Аўтарства першай вэрсіі тэксту прыпісваецца пасьлядоўніку Сьвятого Калумба, кельцкаму манаху Далану-Фаргайлу, які частку жыцьця быў сьляпым. Тэкст непасрэдна зьвязаны з ірляндзкай культурай і жанрам «лорыка», ад лац. даспехі, панцыр. «Лорыкамі» называліся сьпевы, у якіх гучала маленьне аб абароне, і таксама зьмест перагукаецца з апісаньнем Божага ваяра ў 6-м разьдзеле Пасланьня да Эфэсцаў: «Дык станьце (…) апрануўшы панцыр праведнасьці». Адна з найбольш вядомых лорык належыць Сьвятому Патрыку. У «Будзь маім зрокам» згадваецца:
Будзь маім мечам і моцным шчытом, Ты мне ў змаганьні надзейны шалом!

«Лорыкі» былі распаўсюджаныя сярод сярэднявечных сьпеваў заходніх манахаў. У межах жанру ў сьпеве таксама паўставалі гераічныя вобразы: Бог — Магутны Цар (aнгел. King — Кароль), які абараняе народ.
Што б ні было ў жыцьці, навек Ты мой Цар. Будзь маім зрокам, магутны Ўладар!
Арыгінальны верш быў знойдзены толькі праз паўтары тысячы год сярод старажытных рукапісаў у Ірляндзскай каралеўскай акадэміі і можа быць датаваны 8 стагодзьдзем. Каб дайсьці да нас, тэкст прайшоў доўгі шлях. Першапачаткова ён быў напісаны старажытнаірляндзкай мовай і назва гучала як «Rop tú mo baile». На ангельскую мову ўпершыню тэкст быў перакладзены вучонай Мэрі Бірні і апублікаваны ў 1905 годзе у часопісе Eriú, выданьні Школы вывучэньня ірляндзкай мовы. Найбольш вядомы пераклад належыць Элінору Халлу, прэзыдэнтцы Ірляндзкай літаратурнай супольнасьці, які быў апублікаваны ў 1912 годзе.